Тэма 2.5 Лексіка беларускай мовы паводле яе паходжання. Актыўная і пасіўная лексіка

 

Лексіка кожнай мовы складаецца ў працэсе яе працяглага гістарычнага развіцця. Гэта значыць  беларуская лексіка, як і мова ў цэлым, цесна звязана з гісторыяй  беларускага народа. Лексіка сучаснай  беларускай мова па паходжанні неаднастайная. Каля 90 адсоткаў складаюць словы, якія  паходзяць з індаеўрапейскага моўнага адзінства; словы, якія ўзніклі ў агульнаславянскі перыяд; словы, агульныя для ўсходнеславянскіх моў;  і лексіка, якая з'явілася  ў беларусаў за час самастойнага існавання беларускай мовы. Астатняя частка лексічнага склада (прыкладна 10 адсоткаў) – словы,  запазычаныя з іншых моў. Разгледзім падрабязней і запазычаныя складнікі  беларускай лексікі.

Найстаражытнейшым  пластом лексікі  з’яўляюцца словы,  што паходзяць з індаеўрапейскай моўнай супольнасці. Яны захаваліся ў многіх індаеўрапейскіх мовах, зведаўшы розныя фанетычныя, словаўтваральныя, семантычныя і іншыя змены. Перш за ўсё гэта назвы  роднасці і сваяцтва (тут індаеўрапейская аснова або толькі індаеўрапейскі корань, а аснова праславянская): маці сын, сястра, брат, дачка; назвы частак цела: вочы, нос, сэрца і інш.; назвы жывёл (алень, свіння, журавель), раслін (дрэва, дуб), назвы іншых прадметаў, з'яў, працэсаў, дзеянняў: дом, сонца, неба, стаяць, бачыць і т. д.

Пасля распаду індаеўрапейскага моўнага адзінства на аснове  яго дыялектных груповак узніклі і іншыя моўныя адзінствы, якія сталі базай сучасных індаеўрапейскіх моўных груп – славянскай, балтыйскай, германскай, раманскай і іншых. Некаторы час існавала балта-славянскае моўная адзінства, сведчаннем чаго з'яўляецца лексічнае, а дзе-нідзе і граматычнае падабенства літоўскай і латышскай моў са  славянскімі, напрыклад, канчатак -а ў родным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду і пад.

Другі пласт атрыманых у спадчыну слоў – агульнаславянская лексіка. Тут вылучаюцца тыя ж тэматычныя групы, што і сярод лексікі індаеўрапейскага паходжання: цела, лоб; дума, гора, гнеў; вол, мядзведзь, конь, сабака, салавей, жук; пшаніца, трава, сад, даліна, іскра, бура; абора, стайня; каша, кісель; суддзя, сведка, вартаўнік; добры, хітры; большасць лічэбнікаў і займеннікаў, дзеясловы чытаць, хварэць, малаціць і т. д. На агульнаславянскай глебе з'явілася асабліва шмат слоў, якія абазначаюць абстрактныя паняцці: цуд, адвага, грэх, душа, кара, карысць, лад, ласка, праўда, крыўда, радасць, памяць, гонар. Часам гэтыя словы паводле значэння нятоесныя ва ўсіх славянскіх мовах. Напрыклад, бел. дума і балг. дума – ‘слова’.

Узнікненне трэцяй групы лексікі – усходнеславянскай – звязана з развіццём грамадскага і эканамічнага жыцця ўсходніх славян, з далейшым развіццём культуры, навукі, мастацтва, з больш глыбокім пазнаннем чалавекам аб'ектыўнай рэчаіснасці. Сюды адносяцца наступныя словы: бацька, пляменнік, падчарка, вавёрка, сабака, жаўрук, снягір, шчаўе, багаткі; ураджай, азімыя, сенажаць, мяшок, каромысел, танны, шызы, куртаты, вёрткі; лічэбнікі сорак, дзевяноста. Такім чынам, агульнаўсходнеславянская  лексіка прадстаўлена ва ўкраінскай, рускай і беларускай мовах немалой колькасцю слоў.

Л.А. Акаловіч адзначае: “Уласнабеларускія словы пачалі ўзнікаць з XIII-XIV ст. у перыяд самастойнага існавання беларускай мовы на базе мясцовых гаворак, а таксама ад агульнасла-вянскіх і ўсходнеславянскіх каранёў: адвячорак, адкуль,  адсюль, адтуль, адпаведны, адпачываць, адтуліна, азярына,  амаль, амшалы, анігадкі, анічуць, апанаваць, апошні, апрануць, араты, ацеслівы, вясляр, жыхар, здужаць, зломак,  каліва, малацьбіт, спадчына, дапаможнік, практыкаванне, навучэнец і шэраг іншых” [1, с. 86–87].

Акрамя  спрадвечных слоў, у лексічным складзе кожнай мовы пэўнае месца  займае лексіка, запазычаная з іншых моў. Запазычанні ёсць усюды, бо ні адзін народ не жыве адасоблена ад іншых народаў. Засваенне слоў з іншых моў – адзін са спосабаў узбагачэння лексічнага складу.

Лексіка іншамоўнага паходжання у сучаснай  беларускай мове складае, як ужо адзначалася, прыкладна 10 адсоткаў. Адрозніваюць запазычанне лексічнае, словаўтваральнай, марфалагічнае, семантычнае, а таксама калькаванне.  Лексічнае запазычанне – засваенне слоў  з іншых моў слоў: гарызонт  (грэч.), феадал (лац.), журнал (франц.). Словаўтваральнае  запазычанне – засваенне іншамоўных словаўтваральных элементаў –  суфіксаў або прэфіксаў: бытавізм, сянаж; архімудры. Марфалагічнае (марфемнае) запазычанне –  адзін з кампанентаў складанага слова спрадвечны, а другі запазычаны: шклаграфія, тэлебачанне.  

Калькаванне –капіраванне структуры іншамоўнага слова сродкамі роднай мовы: З рускага  слова луноход скалькавана  беларускае месяцаход. Выраз мядовы месяц з'яўляецца калькай французскага выразу la lune de miel.

Іншамоўныя словы  ўваходзілі і ўваходзяць у сістэму беларускай лексікі на працягу ўсёй гісторыі мовы ў сувязі з эканамічнымі, геаграфічнымі, палітычнымі, культурнымі кантактамі  беларускага народа з іншымі народ.

Л.А. Акаловіч адзначае: “Запазычванне адбываецца ў выніку цесных моўныхузаемасувязей двума шляхамі: вусным  –  пры непасрэдных моўных зносінах з іншымі народамі і пісьмовым – праз кнігі, газеты, афіцыйныя дакументы, пры перакладах з чужых моў. Адны з запазычаных слоў трапілі ў беларускую мову непасрэдна з іншых моў, другія ж прыйшлі праз суседнія мовы - рускую, польскую або ўкраінскую.

Неабходна адрозніваць два тыпы запазычанняў: 1) з блізкароднасных славянскіх моў і 2) з неславянскіх моў. Убеларускай мове ёсць славянскія запазычанні: з польскай (слодыч, маёнтак, тлусты, пагарда, братэрскі) і праз польскую з нямецкай (ганак, гатунак,гвалт, гетман, дратва, дрот і інш.); з рускай (абавязацельства, аплот, ачаг, бальшавік, дзекабрыст, зводка, подзвіг, раскладушка, саюз, савет), з украінскай (варэнікі, хлебароб) і праз украінскую з цюркскіх (кавун, гайдамак).

Неславянскія запазычанні: з літоўскай:  венцер, гірса, дойлід, дзірван, ёўня, клуня, лоўж, пуня, свіран, рэзгіны, сцірта, шуло; з татарскай: арда, аер, базар, аркан, барсук, буланы, буран, бурда, гарбуз, кандалы; з грэчаскай: аксаміт, арыфметыка, матэматыка, бібліятэка, космас, кіт, кедр, кіпарыс, Аляксандр, Андрэй, Галіна, Дзмітрый, Леанід, Мацвей, Пётр, Соф'я, Фёдар, Філіп; з лацінскай: алей, апарат, аратар, арнамент, арэнда, астраномія, аўтар, акт, атэстат, гумар, водар, воцат, гонар, колер, Валянцін, Віктар, Клара, Канстанцін, Максім, Раман, Павел; з нямецкай: абзац, аканом, архіў, бутэрброд, бухта, гальштук, гандаль, гаўбіца, гаўптвахта, бухгалтар, гросмайстар, дах, друк, каўнер, кнот, курорт, ланцуг, шрот, цэгла; з французскай: батон, бензін, басейн, бліндаж, буржуа, метро, пантон, кафэ; з англійскай: байкот, лідэр, докер, браўнінг, баксёр; з галандскай: ватэрпас, гавань, матрос, лоцман, шлюпка; з італьянскай: брава, лібрэта, піяніна, тэнар, віла, газета, вермішэль, макароны; з іспанскай: кастаньеты, каньён, кафетэрый; з венгерскай: гайдук, гуляш, гусар, бекеша; з фінскай, комі: морж, нерпа, пельмені, пурга, тундра; з японскай: дзюдо, кімано, рыкша, тайфун.

Асобную групу сярод запазычанняў складаюць інтэрнацыянальныя словы. Інтэрнацыяналізмы – гэта міжнародныя словы, запазычаныя пераважна з класічных старажытных грэчаскай і лацінскай моў. Інтэрнацыянальнымі лічацца агульнавядомыя грамадска-палітычныя, эканамічныя, тэхнічныя, навуковыя тэрміны: цывілізацыя, сацыялізм, партыя, рэвалюцыя, мітынг, канстытуцыя, камуніст, банк, крэдыт, працэнт, індустрыя, экспарт, аграхімія, біяфізіка, гісторыя, культура, касманаўтыка, магнітафон, тэлевізар, трактар, аўтамабіль, гелій, а таксама спорт (з англ.).

Значная частка запазычаных слоў паступова асвоілася беларусамі, увайшла ў склад агульнаўжывальнай лексікі і перастала ўспрымацца як іншамоўная лексіка, напрыклад: агрэст (з італ.), агурок (з грэч.), базар (з цюрк.), бручка  (з ням.), булён (з франц.), бульба (з лац.) і інш. Асваенне чужых слоў ішло па законах беларускай фанетыкі і арфаэпіі, арфаграфіі і марфалогіі (аканне, зацвярдзеласць шыпячых і [p], працяжнасць [y], аглушэнне і азванчэнне зычных, часткова дзеканне і цеканне, змена роду і ліку назоўнікаў і інш.). Асваенню падлягалі даўно запазычаныя словы, што прыйшлі ў літаратурную мову праз вусную і ўжываюцца ў штодзённым жыцці; не асвойваюцца пазнейшыя запазычанні, якія ўвайшлі праз пісьмовую мову. Аднак шматлікія словы іншамоўнага паходжання ў беларускай мове захоўваюць пэўныя фанетыка-марфалагічныя асаблівасці, па якіх можна вызначыць запазычанае слова і нават меркаваць, з якой менавіта мовы яно прыйшло.

Асноўныя прыметы запазычаных слоў наступныя:

1) наяўнасць у слове ф: фарба, шафа, фасоля, Фёдар, Соф'я;

2) пачатковыя э, о і непрыставачнае а: эра, Эма, ода, опера, атака, Аляксей;

3) спалучэнні ге, ке, хе ў корані: агент, кельма, схема, Яўген;

4) спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, рэвю, кювет, капюшон, камюніке, фюзеляж;

5) спалучэнні двух галосных у корані: аул, ідэал, дуэт, гуаш;

6) цвёрдасць зычных д і т у спалучэннях дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дывідэнд, дыфтэрыя, дыван, дысцыпліна, медыцына, Атэла, Адэса, тыгр;

7) прыстаўкі а-, ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі-: амаральны, антыцыклон, архіважны, контрмера, рэфармацыя, дэгазацыя, дыспрапорцыя, амфітэатр;

8) суфіксы -ізм (-ызм), іст (-ыст), -ір (-ыр) і інш.: арганізм, сацыяліст, капіраваць.

Веданне прымет слоў іншамоўнага паходжання, уменне адрозніваць славянскія і неславянскія запазычанні ў беларускай мове спрыяюць засваенню арфаграфічных правіл, павышэнню пісьменнасці навучэнцаў.

Запазычаная лексіка ўзбагачае слоўнікавы склад мовы, выкарыстоўваецца ў навуцы, культуры, публіцыстыцы, справаводстве. Сама па сабе з'ява запазычвання слоў непазбежная і неабходная. Але нельга ўжываць запазычаныя словы без патрэбы. Я. Колас пра запазычанні і наватворы пісаў: «…Перад увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні свае памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой гаворкі - можа і знойдзецца якраз тое, што неабходна, што ўжо ўжывалася і чамусьці забыта ці ўжываецца і невядома нам». Звесткі пра паходжанне і значэнне запазычаных слоў даюцца ў «Слоўніку іншамоўных слоў» А. М. Булыкі (1993),  а таксама ў шматтомным этымалагічным слоўніку беларускай мовы [1, с. 87–90].

Вялікая колькасць слоў іншамоўнага паходжання з'яўляецца інтэрнацыяналізмамі. Інтэрнацыяналізмы – словы, якія ўжываюцца ў многіх няроднасных мовах і разам з тым захоўваюць блізкасць гучання і тоеснасць значэння; як правіла, не маюць супадзенняў у запазычанай мове; распаўсюджаны пераважна у сферы лексікі  для абазначэнне паняццяў з вобласці навукі, культуры, палітыкі, мастацтва, грамадскага жыцця: буржуазія, клас, гуманізм, арганізацыя, эвалюцыя, канферэнцыя, універсітэт, школа, электрон, малекула, сінтэз, аўтамабіль, трактар, горад-герой, лірыка, сінхрафазатрон і пад. Адным з разрадаў іншамоўнай лексікі з’яўляюцца этнаграфізмы –  словы, што называюць паняцці і рэаліі з жыцця пэўнага народа ці групы народаў: луідор, сантым, кюрэ; лэдзі, містэр, палісмэн; аксакал, аул, чайхана.

Развіццё слоўнікавага складу мовы характарызуецца пастаянным дзеяннем двух працэсаў: з'яўленнем новых слоў (для называння новых паняццяў, якія з'яўляюцца ў жыцці грамадства) і выхадам з ужытку слоў, якія пазначалі старыя з'явы і рэаліі. Першы працэс апярэджвае другі, таму мова лексічна ўвесь час ўзбагачаецца. Узбагачаецца яна яшчэ і таму, што не ўсе словы знікаюць назаўжды. Часам яны вяртаюцца да актыўнага ўжывання, здабыўшы новае значэнне. Напрыклад, слова дружына “ўзброены атрад князя ў Кіеўскай Русі” з пункту гледжання сучаснай беларускай мовы ўстарэла, але ў значэнні “аб'яднанне людзей для выканання пэўных задач “ (санітарная дружына, добраахвотная народная дружына) ужываецца досыць шырока. Зноў створаныя словы засвойваюцца мовай і набіраюць усё большае распаўсюджванне паступова. Выхад устарэлых слоў з мовы таксама адбываецца не адразу. Таму ў мове заўсёды існуе актыўная і пасіўная лексіка.

Актыўная лексіка – гэта словы штодзённага ўжытку. Да іх  адносяцца не толькі словы, якія кожны дзень выкарыстоўваюць носьбіты мовы незалежна ад спецыяльнасці, узросту, полу (хлеб, соль, малако, яблык, садоўніцтва, гародніна, моркву, дарога, тралейбус, метро, паветра, дождж, свабодны, родны, чытаць, стаяць, сёння, заўтра, тут, там і інш.), але і тыя, што ўжываюцца ў розных   галінах навукі, мастацтва, вытворчасці і зразумелыя толькі асобным слаям насельніцтва (сцэна, кардэбалет, тангенс, катангенс, сінус, косінус,  вугал, трохкутнік, дыяганаль, перпендыкуляр, кафельшчык).

Галоўная прыкмета актыўнай лексікі – рэгулярнае выкарыстанне яе ў нейкай сферы дзейнасці чалавека.

Пасіўную лексіку складаюць словы, якія яшчэ не ўвайшлі ў актыўнае ўжыванне (неалагізмы), і тыя, што выходзяць з мовы, папаўняючы разрад устарэлых.

М.Ц. Кавалёва адзначае: “Неалагізмы (ад грэч. neos новы і lógos слова, паняцце) – словы або словазлучэнні, якія з'яўляюцца ў мове для называння новых прадметаў,  з'яў ці для замены старых назваў прадметаў ці з'яў. Напрыклад: газамабіль - 'аўтамабіль, які працуе на газавым паліве'; дарніт - 'сінтэтычны матэрыял, які выкарыстоўваюць для пракладкі аўтамабільных дарог'; ювеналогія - 'навука пра маладосць,  пра тое, як прадоўжыць чалавеку самы актыўны перыяд яго жыцця';  крыптазаалогія - 'галіна навукі, якая вывучае таямніцы жывёльнага свету'.

Пакуль такія словы і словазлучэнні малавядомыя, яшчэ захоўваюць свежасць і навізну, яны знаходзяцца ў пасіўным складзе лексікі. Қалі ж яны становяцца агульнавядомымі,  прывычнымі, то пераходзяць у актыўны слоўнік і перастаюць быць неалагізмамі. Так, напрыклад, слова навучэнец у 1950-я гады было, неалагізмам, а зараз яно ўжо ў актыўным слоўніку. Словы касманаўт, касманаўтыка, касмадром былі неалагізмамі вельмі нядоўга, паколькі амаль адразу ж пасля свайго ўзнікнення сталі агульнавядомымі.

Кожная новая эпоха нараджае свае словы. Асабліва многа неалагізмаў узнікла пасля 1917 года: сельсавет, наркамат, нарком, лясгас,  леспрамгас, калгас, камсамол, трактар, завочнік, новабудоўля, пяцігодка, суботнік, касілка, перадавік і інш.

Большасць такіх слоў ужо трывала ўвайшла ў нашу мову. Некаторыя з іх, пабыўшы ў актыўным слоўніку,  перайшлі ў пасіўны запас, сталі ўстарэлымі: губком, валвыканком,  наркамат, нарком, МТС, нэп, рабфак, лікбез і інш.

Задавальненне патрэб у сродках намінацыі ішло (і ідзе) пераважна за кошт уласнага матэрыялу па ўласных словаўтваральных мадэлях, г. зн. уласна беларусізмаў і з уласнага матэрыялу на ўзор іншамоўных слоў,  г. зн. калек і паўкалек.

Сярод уласна беларусізмаў, створаных у той час, шэраг мовазнаўчых тэрмінаў. Б. Тарашкевіч у сваёй «Беларускай граматыцы для школ» (1918) увёў новыя назвы часцін мовы і іншых лінгвістычных паняццяў (імя, прымета, чысло, займя, дзеяслоў,  прыслоўе, прыймя, злуч, кліч). Адны з тэрмінаў прыжыліся ў беларускай мове (дзеяслоў, прыслоўе, абвесны лад і інш.), другія былі відазменены або заменены іншымі (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, прыназоўнік, злучнік, выклічнік і інш.).

У свой час уласнабеларускімі неалагізмамі былі назвы гарадоў, пасёлкаў: Асінторф, Наваполацк, Новалукомль, Салігорск, Светлагорск і інш.

У беларускай мове сярод неалагізмаў больш кáлек і паўкáлек, чым уласна беларусізмаў. Гэта тлумачыцца тым, што ў савецкі час папаўненне слоўнікавага складу мовы адбывалася ў працэсе цеснага ўзаемадзеяння з блізкароднаснымі мовамі, у першую чаргу з рускай. Вось некаторыя з такіх шматлікіх былых неалагізмаў: звышгукавы (сверхзвуковой), узбуйненне (укрупнение), суіснаваць (сосуществовать), звышдзяржава (сверхгосударство), усюдыход (вездеход), іншапланецянін  (инопланетянин).

Неалагізмы могуць узнікаць і ў выніку запазычвання. Не так даўно да нас прыйшлі словы біятлон, дызайн, дэльтаплан, мотабол, хобі і інш., якія ў наш час ужо перасталі быць неалагізмамі. Сярод сучасных запазычаных неалагізмаў – трыятлон  (новы від спорту), кансэнсус, спонсар, менеджэр, брыфінг, тэлефакс.

Новае слова можа ўзнікнуць і для абазначэння вядомага прадмета, з'явы, якія ўжо маюць сваю назву. У такім выпадку ў мове нейкі час існуюць паралельна два ці некалькі слоў-дублетаў. Новае слова-назва паступова выцясняе ранейшае, становіцца агульнаўжывальным, прывычным і пераходзіць у актыўны слоўнік. Ранейшае слова паступова становіцца менш ужывальным, архаізуецца і пераходзіць у пасіўны склад лексікі. Такі шлях у свой час прайшлі словы цытрына – лімон, выдаўнічы – выдавецкі, кардон - мяжа, граніца, бульбакоп - бульбакапалка, лятун - лётчык і інш. У наш час з'явілася слова святар, якое суіснуе з агульнавядомым свяшчэннік, побач са словам выстаўка стала распаўсюджвацца выстава, са словам чыпсы – бульбяныя лустачкі. Час пакажа, якія з іх застануцца ва ўжытку.

Неалагізмы падзяляюцца на лексічныя і семантычныя. Лексічныя неалагізмы – гэта новыя словы, якія выступаюць у мове як назвы прадметаў, з'яў. Усе словы, пра якія гаварылася вышэй, – лексічныя неалагізмы. Семантычныя неалагізмы - гэта новыя значэнні вядомых слоў. Яны не такія частыя ў мове. Напрыклад, не так даўно слова дыпламат набыло пераноснае значэнне  'плоскі партфель-чамаданчык', раўнд – значэнне 'адзін з этапаў перагавораў, якія працягваюцца з перапынкамі'. Аднак гэтыя ў свой час семантычныя неалагізмы сталі шырока вядомымі, агульнаўжывальнымі і таму ўжо знаходзяцца ў актыўным слоўніку. Навізной у наш час вызначаюцца яшчэ словы банк у значэнні 'сукупнасць, змесціва чаго-небудзь'  (банк новых ідэй), дыялог у значэнні 'кантакты, перагаворы паміж краінамі, грамадскімі дзеячамі і г. д.' (дыялог паміж лідарамі партый). Неалагізмы ствараюцца пры дапамозе вядомых словаўтваральных сродкаў мовы (прыставак, суфіксаў і г. д.)  і паводле вядомых прадуктыўных мадэлей. Так, на ўзор слова прызямліцца ўзнікла слова прывадніцца – 'спусціцца на водную паверхню ; асцылограф - тамограф;  аэрадром- касмадром, ракетадром; самалёт - электралёт. Назвы мінералаў часта ўтвараюцца ад прозвішча нейкага вядомага чалавека, вучонага або ад назвы мясціны, дзе мінерал быў знойдзены, пры дапамозе суфікса -іт: гагарыніт (Гагарын), сцішавіт  (Сцішаў), балхашыт (Балхаш), беламарыт (Белае мора), ерэваніт (Ерэван), чараіт (Чара), танзаніт (Танзанія). Неалагізмы рэальна існуюць у мове.  Яны выступаюць як узнаўляльныя адзінкі, г. зн. мы іх ужываем у вуснай і пісьмовай мове як гатовыя словы.

 Такія рэальныя (узуальныя) неалагізмы неабходна адрозніваць ад аказіяналізмаў – слоў, створаных пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі ў якасці выразных сродкаў толькі ў пэўным кантэксце. Іх яшчэ называюць аказіянальнымі словамі, аўтарскімінеалагізмамі, аўтарскімі наватворамі, індывідуальна-стылістычнымі ўтварэннямі. Вось некаторыя аказіяналізмы, створаныя пісьменнікамі ў 20-я гады: песніць, узвеснены (У. Хадыка); ускоўдрыць, наземіцца, паўднёвавейнасць, арфазвоннасць, заістужыць, распарасоніцца (У. Дубоўка); раззіраць, доўгацярплівасць (П. Галавач); камсамоліцца, русаліцца(3. Бядуля).

Сучасныя беларускія пісьменнікі таксама ствараюць аказіяналізмы. Такія словы ўжываюцца або для больш вобразнага выражэння паняццяў, або для стварэння пэўных мастацкіх эфектаў і гульні слоў:  Блукаюць грыбазбіры… (П. Панчанка)” [3, с. 387].

Устарэлая лексіка неаднастайная па сваім складзе, што тлумачыцца рознымі прычынамі выхаду  гэтых слоў з лексічнага запасу. Устарэлыя словы адрозніваюцца таксама  ступенню архаізацыі. Адну групу ствараюць тыя, што зусім выйшлі з ужытку: яны незразумелыя носьбітам мовы на  яе сучасным узроўні развіцця: валока (назва зямельнай меры), галаўнік  – ‘забойца’, просінец – ‘студзень’. Да іншай групы ўстарэлай лексікі ўваходзяць словы, зрэдку ўжываюцца ў сучаснай літаратурнай мове, яны, як правіла, зразумелыя носьбітам  беларускай мовы: аршын, атрамант – ‘чарніла’, паншчына.

У энцыклапедыі “Беларуская мова” наступным чынам акрэсліваецца адметнасць устарэлай лексікі: “Устарэлыя словы – лексічныя адзінкі, якія выйшлі з актыўнага складу лексікі і зрэдку ўжываюцца ў сучаснай мове: баярын, прыгон, паншчына, цівун, губернатар, вярста, саха, конка, шляхціц, шкаляр, камбед, наркомi інш. Сэнс большасці такіх слоў зразумелы кожнаму. Знікненне з ужытку слоў і асобных іх значэнняў - складаная з'ява, вынік працяглага працэсу, калі слова з актыўнага слоўнікавага запасу пераходзіць у пасіўны, робіцца ўстарэлым і праз пэўны час выходзіць са слоўнікавага складу сучаснай мовы, становіцца старажытным. Некаторыя з такіх слоў пакінулі свае «сляды» ў аднакарэнных вытворных словах сучаснай мовы: стрый (дзядзька па бацьку) – стрыечны, лепа (добра) – лепшы; у фразеалагізмах, дзе значэнне іх як асобных слоў сціраецца:  пыталь раней абазначала машыну для пытлявання пшаніцы (даць пытлю), кол – невялікі ўчастак ворнай зямлі, надзел каля хаты (ні кала ні двара).

Устарэлыя словы часам узнаўляюцца ў мове і з пасіўнага запасу пераходзяць у актыўны слоўнік. Напрыклад, пасля 1917 г., пры новым грамадскім ладзе, многія словы выйшлі з ужытку, аднак праз пэўны час некаторыя з іх зноў вярнуліся ў актыўны склад лексікі: міністр, адмірал, генерал, палкоўнік, сяржант,  яфрэйтар, гвардыя, салдат, пагоны, прапаршчык, мічман, ліцэй, гімназія і інш. Архаізацыя слоў не звязана з іх паходжаннем: у разрад устарэлай лексікі пераходзяць як спрадвечнабеларускія словы (рала, раме, травень, чало і інш.), так і запазычаныя (асэсар, атрамант, цытрына, тастамент і інш.). Словы выходзяць з актыўнага ўжытку і становяцца ўстарэлымі па розных прычынах.

Адны з іх сталі ўстарэлымі таму, што ў выніку няспыннага развіцця грамадства зніклі асобныя прадметы, з'явы рэчаіснасці, а разам з імі зніклі ііх назвы. Другія словы зрабіліся ўстарэлымі, таму што замест іх у мове з'явіліся іншыя назвы. У залежнасці ад гэтага ўстарэлыя словы падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмы – словы, якія называюць рэчы, з'явы, што выйшлі з ужытку, «сталі гісторыяй». Гэта пераважна назвы прадметаў старога побыту: лучнік (прыстасаванне трымаць лучыну), каганец; назвы старажытнага адзення: аблавуха, армяк, бурнос, каптур, намітка; словы з сацыяльна-палітычнай сферы: баярын, веча, магнат, лёкай, цівун, стражнік,  ураднік, соцкі, жандар; словы з ваеннай лексікі: рэкрут, ротмістр, стралец,  мушкет, шчыт, пішчаль; назвы старых мер вагі і даўжыні: фунт, асьміна, гарнец, аршын, локаць, вярста, валока, дзесяціна, капа, сажань; назвы грашовых адзінак: грыўня, грош, талер, дукат, кацярынка, керанкі і інш.

Гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай мове. Некаторыя гістарызмы з'явіліся ў мове зусім нядаўна, ужо ў савецкі час: губком, камбед, нэп,  лікбез, камкор і інш. Аднак зніклі паняцці, а разам з імі зніклі з актыўнага ўжытку і словы, якія іх называлі.

Архаізмы (ад грэч. árchaios старадаўні, устарэлы) – даўнейшыя назвы прадметаў і з'яў, якія існуюць і ў наш час, але ў працэсе развіцця мовы былі названы іншымі словамі – сінонімамі. Қалі гістарызмы – назвы ўстарэлых рэчаў і з'яў, то архаізмы – устарэлыя назвы рэчаў і з'яў, якія існавалі раней і існуюць у наш час.

Адрозніваюць 2 тыпы архаізмаў – лексічныя i семантычныя. Сярод лексічных архаізмаў выдзяляюць уласналексічныя, лексіка-словаўтва ральныя і лексіка-фанетычныя.  Уласналексічныя архаізмы цалкам адрозніваюцца ад сучасных назваў,  яны выцясняюцца з мовы словамі іншага кораня: атрамант – чарніла,  лемантар –буквар, чало – лоб, тлу– мач – перакладчык.

Лексіка-словаўтваральныя архаізмы – устарэлыя словы, якія маюць аднолькавы корань з сучаснымі назвамі, але адрозніваюцца суфіксамі ці прыстаўкамі: абставы – абставіны, дзейца – дзеяч, лятун – лётчык, матацыклет – матацыкл, прасвета –асвета.

Лексіка-фанетычныя архаізмы адрозніваюцца ад адпаведных ім сучасных слоў адным-двума гукамі: гімнасія - гімназія,  кроніка - хроніка,  часопісь – часопіс, філёзофія – філасофія, Эўропа – Еўропа.

Сустракаюцца выпадкі, калі слова актыўна выкарыстоўваецца ў сучаснай мове, але асобнае яго значэнне  (значэнні) выходзіць з ужытку, становіцца ўстарэлым. Гэта – семантычныя архаізмы. Напрыклад, у слове двор устарэлым з’яўляецца  значэнне 'маёнтак'; услове калаўрот – 'прылада, прыстасаванне прасці кудзелю, воўну'; у слове камора – 'кантрольны пункт лясніцтва ў дарэвалюцыйны час'.

У сучасных мастацкіх творах устарэлыя словы (гістарызмы і архаізмы) ужываюцца з пэўнай стылістычнай мэтай (іх часам называюць гістарызмамі i архаізмамі стылістычнага ўжывання). У творах на гістарычную тэматыку яны выкарыстоўваюцца для ўзнаўлення гістарычных абставін пэўнай эпохі і мовы герояў. Такую ролю гістарызмы і архаізмы выконваюць,  напрыклад, у мастацкіх творах «След ваўкалака», «Меч князя Вячкі» Л. Дайнекі (эпоха 11-13 ст.),  «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» А. Лойкі (16 ст.), «Чорны замак Альшанскі» (16 ст.), «Қаласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха» (19 ст.) У. Караткевіча і інш.Напрыклад: На памосце ўжо стаялі епіскап Дзяніс,  пасаднік Ратша, тысяцкі Жыраслаў, найбольш уплывовыя і багатыя баяры. «Лепа ты зрабіў, вой», – сказаў Вячка (Л. Дайнека); [Дубатоўк] Ім выдзелена ў тэстаменце частка спадчыны, бо яны – неад'емная частка маярату; Коней сяляне зводзілі ўбок. Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося (У. Караткевіч).

У мастацкіх творах, дакументах, пісьмовых помніках і інш., напісаных у мінулыя часы, мы сустракаем словы, якія з'яўляюцца ўстарэлымі толькі для нас, а ў час напісання твора,  дакумента1х г. д. яны актыўнаўжываліся як назвы пэўных прадметаў ці з'яў: На падлозе насыпаныбылі пілавіны, сталы былі пазаліваныатрамантам і голыя (Қ. Чорны); Я пашлю Сцёпку, і а дванаццатай спаткаецеся ля дзвярэй ілюзіёна (П. Галавач). Тут устарэлыя словы з'яўляюцца нейтральнымі, яны выкон ваюць чыста намінатыўную функцыю.  Гэта архаізмы і гістарызмы часу.

Устарэлыя словы, якія часта ўжываюцца ў навуковых працах і мастацкіх творах на гістарычную тэму, змяшчаюцца ў тлумачальных слоўніках з паметай уст. (устарэлае) або ў «Гістарычным слоўніку беларускаймовы»”.”[3,  с. 575–576].